16.04.2014 - 12.12.2014

12 снежня 2014 года ў Нацыянальным банку прайшла першая Рэспубліканская алімпіяда па фінансавай граматнасці.

ВЫНІКІ

Юнакі і дзяўчаты з розных куткоў нашай краіны змагаліся за званне самага фінансава граматнага маладога чалавека Беларусі ...

Са словамі прывітання на адкрыцці ўрачыстай цырымоніі ўдзельнікаў аліміяды сустрэлі Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Надзея Андрэеўна Ермакова і Першы Намеснік Міністра адукацыі Вадзім Анатольевіч Богуш. Надзея Андрэеўна Ермакова падкрэсліла, што фінансава адукаваныя спецыялісты патрэбныя ва ўсіх сферах дзейнасці, як у банкаўскай сферы, так і на прадпрыемствах. А Вадзім Анатольевіч Богуш у сваю чаргу падзякаваў Нацыянальнаму банку за арганізацыю алімпіяды. Плануецца, што такая алімпіяда будзе праводзіцца кожны год.

Удзельнікі алімпіяды на працягу гадзіны старанна вырашалі фінансавыя задачы, вызначалі, які дэпазіт лепш выбраць інвестару, лічылі працэнты па крэдыце, шукалі ўзаемасувязь паміж прыбытковасцю і рызыкай. Былі таксама пытанні па каштоўных паперах, з вобласці страхавання, з падатковага заканадаўства.

Тое, што пры куплі ў сетцы Інтэрнэт нельга ўводзіць ПІН-код карткі, добра ведалі ўсе без выключэння, таксама ўсе ведалі, хто і дзе можа атрымаць крэдытную гісторыю, цяжкасцяў не ўзнікла і з вызначэннем значэння слоў "ліквіднасць" і "дыверсіфікацыя".

Але некаторыя пытанні выклікалі цяжкасць у нашых фінансавых разумнікаў: з такім тэрмінам, як "франшыза", мяркуючы па ўсім, ім яшчэ не даводзілася сутыкацца, не вельмі знаёмыя нашы маладыя людзі яшчэ і з такой фінансавай паслугай, як лізінг. У некаторых узнікла здзіўленне з-за пытання – нацыянальнай валютай, якой дзяржавы з'яўляецца тугрык, а каля 1/3 удзельнікаў не ведалі што такое ануітэтны плацёж па крэдыце.

Пераможцам першай Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці стаў таленавіты малады чалавек з горада Брэста – Дзмітрый Уснарскі.

На другім месцы з маленькім адрывам ад пераможцы ішоў Глеб Несцяронак, вучань ліцэя з горада Наваполацка Віцебскай вобласці.

Трэцяе месца заняла не толькі чароўная, але і разумная маладая дзяўчына – Марыя Вольская з горада Брэста.

Пераможцы Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці атрымалі прызы ад Нацыянальнага банка: за першае месца – ровар, за другое – фотаапарат і за трэцяе – музычны цэнтр.

Намеснік Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Дубкоў Сяргей Вітальевіч уручыў прызы пераможцам, пажадаў дзецям верыць у свае сілы і ўмець знаходзіць прыгожае ў жыцці, у чым ім і дапамогуць гэтыя выдатныя падарункі.

Усе ўдзельнікі Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці, незалежна ад прызавога месца, атрымалі падарункі ад партнёра Нацыянальнага банка па фінансавай граматнасці кампаніі LibertEx.