У артыкуле разбяромся, якія карткі можна мець у сваім кашальку, і якое прызначэнне ў кожнай з іх.

Уявіць жыццё сучаснага чалавека без банкаўскай плацежнай карткі немагчыма. Дзякуючы "пластыку" мы можам аплачваць камунальныя паслугі, не выходзячы з дому, рабіць хуткія пераводы, здзяйсняць анлайн-пакупкі, планаваць падарожжы і многае, многае іншае. Карткі робяць наша жыццё зручней і прасцей, эканомячы нашы сілы, час, а нават і грошы.

Сёння многія маюць не адну, а некалькі карт — і гэта разумна. Па-першае, выгада. Для розных патрэб можна карыстацца рознымі картачнымі прадуктамі. Па-другое, бяспека. Пры разумным падыходзе выкарыстанне некалькіх картак дапаможа абараніцца ад ашуканцаў.

Картка для разлікаў

Для паўсядзённых разлікаў можа падысці ваша зарплатная картка або іншая карта, на якую вы атрымліваеце даходы: пенсію, стыпендыю і інш. На гэтай картцы можна трымаць суму, якую вы штомесяц выкарыстоўваеце для аплаты бягучых патрэб: прадуктаў, нехарчовых тавараў, паслуг.

Зараз многія банкі прапануюць розныя бонусы за пакупкі па картках: зніжкі ў крамах-партнёрах, назапашванне бонусаў, вяртанне невялікай часткі выдаткаваных сродкаў і інш. Калі ваша зарплатная карта не прадугледжвае падобных опцый, можна аформіць яшчэ адну з бонусамі і пералічваць грошы на яе. Але абавязкова загадзя пралічыце, каб плата за выпуск і абслугоўванне дадатковай карты, а таксама магчымая камісія за перавод грошай на яе, перакрываліся бонусамі, якія вы атрымаеце.

Картка для пакупак у інтэрнэце

Трэба заўсёды памятаць пра рызыку сутыкнуцца з ашуканцамі ў анлайн-прасторы.Таму для інтэрнет-аплат варта завесці асобную карту. Часта яе можна аформіць у некалькі клікаў у інтэрнэт-банкінгу вашага банка. Гэта будзе віртуальная карта без фізічнага носьбіта, набор рэквізітаў, якія вы будзеце ўказваць пры анлайн-аплаце.

На картке для пакупак у інтэрнэце не варта трымаць шмат грошай. Самы лепшы варыянт — пераводзіць неабходную суму з вашай асноўнай карты непасрэдна перад анлайн-аплатай. Так вы максімальна знізіце рызыкі пацярпець ад рук зламыснікаў.

Выкарыстоўвайце гэтую картку ўсюды, дзе для правядзення аплаты трэба ўводзіць рэквізіты: нумар карты, тэрмін дзеяння і CVV/CVC код з адваротнага боку.

Картка для паездак за мяжу

Калі вы бываеце за мяжой, для такіх паездак таксама варта завесці асобную картку. У першую чаргу таму, што ў многіх краінах махлярства з банкаўскімі карткамі распаўсюджанае значна шырэй, чым у Беларусі. Асобная карта дапаможа знізіць рызыкі, а часам і зэканоміць на канверсіі.

Картка для замежных паездак можа быць выпушчана як у замежнай валюце, так і ў беларускіх рублях. Для паездак у еўразону лепш падыдзе карта ў еўра — так аплата будзе праходзіць без канверсіі (калі ваш банк разлічваецца з аплатнай сістэмай менавіта ў еўра — гэта трэба ўдакладніць у банка, які выпусціў картку). Для падарожжа ў ЗША выгаднай будзе карта ў доларах.

Калі ж краіна, у якую вы едзеце, мае сваю нацыянальную валюту, адрозную ад даляра і еўра, то падыдзе і рублёвая карта — у любым выпадку канверсій не пазбегнуць.

На картке для замежных паездак таксама не трэба пакідаць шмат грошай. Пакладзіце на яе суму, неабходную для канкрэтнай паездкі. Калі вы маеце магчымасць хутка рабіць анлайн-пераводы з асноўнай карты на "замежную", а падарожжа доўгае — можна паступова пералічваць грошы часткамі.

Перад падарожжам варта папярэдзіць банк пра паездку, асабліва калі вы збіраецеся ў экзатычную краіну. Інакш банк можа падумаць, што вашу картку падрабілі і зараз спрабуюць вывесці з яе грошы за мяжой - тады банк заблакіруе карту.

Картка для зберажэнняў

Калі вы накіроўваеце частку сваіх даходаў на назапашванні, не варта трымаць іх на зарплатнай карце. Самы лепшы варыянт для назапашванняў — размясціць іх на дэпазіце, укласці ў аблігацыі або іншыя інструменты, якія будуць прыносіць дадатковы даход і абараняць грошы ад інфляцыі.Банкі не налічваюць вялікіх працэнтаў на рахункі, прывязаныя да картак, так што збіраць на карце нявыгадна. Аднак, калі вы жадаеце трымаць назапашванні пад рукой і заўсёды мець да іх доступ, завядзіце асобную карту для гэтых мэт.

Зразумела, такой карткай не варта карыстацца ў інтэрнеце і за мяжой.

Крэдытная або карта растэрміноўкі

Такая картка прыйдзе на дапамогу, калі вам не хапіла ўласных сродкаў. Крэдытныя карты і карты растэрміноўкі выгадней звычайных крэдытаў: па крэдыце вы плаціце працэнты толькі за выдаткаваную суму, а не за ўвесь крэдытны ліміт, па картах растэрміноўкі часта не плаціце наогул.

Але калі вам хапае сваіх грошай на ўсе патрэбы, заводзіць крэдытку не варта. Гэта не цацка, а сур'ёзная фінансавая прылада, якая накладвае на трымальніка пэўныя абавязацельствы. Не варта набываць у крэдыт адзенне або хадзіць у рэстаран. Можна аформіць крэдытную карту, калі чакаюцца буйныя выдаткі і вы не ўпэўненыя, што на ўсё хопіць сваіх сродкаў. Напрыклад, перад рамонтам.

Будзьце рацыянальныя!

Выбірайце карткі рацыянальна, улічваючы свае запатрабаванні.Магчыма, вам не патрэбна карта для анлайн-шопінгу, не варта яе рабіць. А, можа быць, вам для паездак за мяжу трэба адразу некалькі карт — у доларах, у еўра і ў рублях. Афармляйце толькі тыя картачныя прадукты, якія вам сапраўды патрэбныя.

Выпуск картак часта каштуе грошай. Акрамя таго за абслугоўванне могуць спаганяцца камісіі, напрыклад, на штомесячнай аснове. Калі тая ці іншая дадатковая карта вам не патрэбна, навошта за яе плаціць?

Жадаем вам выгады, а вашым грашам — бяспекі!