Калі мы чуем слова "блакчэйн", першае, што прыходзіць на розум – гэта крыптавалюты, у прыватнасці, біткоін. Але на самай справе сфера прымянення блакчэйна значна шырэй.

Блакчэйн дазваляе хутка, танна і эфектыўна весці ўлік любых фінансавых аперацый, захоўваць інфармацыю аб транзакцыях, спрашчае ўзаемадзеянне паміж партнёрамі і служыць яшчэ многім іншым важным мэтам.

Блакчэйн – маладая тэхналогія, якая з'явілася ў 2009 годзе. Нягледзячы на гэта, сёння блакчэйн выкарыстоўваецца ў многіх сферах жыцця – ад лагістыкі і продажаў да фінансаў і медыцыны. І значна часцей у банкаўскай сферы.

Што такое блакчэйн

Блакчэйн (даслоўна block chain – ланцужок блокаў) – гэта лічбавая база даных, або, калі хочаце, асаблівы спосаб захоўвання інфармацыі, пры якім анлайн-журнал з запісамі пра тыя ці іншыя аперацыі захоўваецца адначасова на многіх кампутарах – іх могуць быць сотні, тысячы і сотні тысяч. Любы ўдзельнік гэтай сеткі можа праверыць інфармацыю ў базе даных, але ніхто не можа яе змяніць або выдаліць. Пры гэтым інфармацыя ў блакчэйне можа быць абсалютна любой. Напрыклад, там можа ўтрымлівацца запіс, што Івану Іванову з дому №7 па вуліцы Кветкавай належыць аўтамабіль Mazda 6. Або што Пётр Пятроў учора прадаў Фёдару Фёдараву 10 акцый Google.

Дзякуючы таму, што інфармацыя захоўваецца адразу на многіх кампутарах, у тэхналогіі блакчэйн ёсць шэраг пераваг:

  • Забяспечваецца поўная празрыстасць. Бо любы карыстальнік сеткі мае на сваім кампутары копію базы даных і можа ў любы момант праглядзець інфармацыю.
  • Інфармацыю немагчыма выдаліць. Бо для таго, каб цалкам пазбавіцца ад тых ці іншых даных, трэба сцерці іх адразу з усіх кампутараў.
  • Інфармацыю немагчыма змяніць. Тэхналогія створана так, што не дазваляе рэдагаваць даныя пастфактум.
  • Блакчэйн дазваляе эканоміць. Дзякуючы тэхналогіі адпадае неабходнасць у пасрэдніках, якія суправаджаюць і рэгіструюць здзелкі.

Блакчэйн і фінансы

У фінансавай сферы блакчэйн часцей за ўсё выкарыстоўваецца з мэтай паскарэння транзакцый, а таксама каб зрабіць іх больш таннымі і бяспечнымі. Возьмем, напрыклад, такую папулярную паслугу, як грашовыя пераводы. Банкі сёння «умеюць» дастаткова хутка пераводзіць грошы аднаго кліента іншаму. Але ў некаторых выпадках – напрыклад, пры пераводзе сродкаў за мяжу – аперацыя можа заняць некалькі дзён. Акрамя таго, кліенту прыйдзецца заплаціць камісію. Укараненне тэхналогіі блакчэйн пры ажыццяўленні пераводаў дазволіць значна павысіць хуткасць аперацый і знізіць або нават цалкам пазбавіцца камісіі.

Ці яшчэ адзін прыклад – сумеснае захоўванне і выкарыстанне даных. Традыцыйна банкі выкарыстоўваюць уласныя ўнутраныя сховішчы даных, якія могуць ўзаемадзейнічаць са сховішчамі іншых банкаў толькі вельмі павярхоўна. Пры гэтым на распрацоўку і абслугоўванне такіх сховішчаў ідуць немалыя сродкі. На базе блакчэйна можна стварыць сумеснае сховішча, якое дазволіць значна эканоміць на выдатках, забяспечыць дакладнасць даных, выключыць памылкі, звязаныя з чалавечым фактарам і гарантуе поўную бяспеку. Зараз падобную сістэму распрацоўвае, да прыкладу, Bank of America.

Блакчэйн можа значна спрасціць жыццё не толькі банкам, але і іх кліентам. Ніводную фінансавую аперацыю сёння немагчыма правесці без праверкі асобы. У выніку кліентам банкаў прыходзіцца пастаянна выкарыстоўваць разнастайныя коды і паролі. Блакчэйн дазволіць прайсці працэдуру ідэнтыфікацыі толькі адзін раз, каб стварыць спецыяльны ідэнтыфікацыйны сертыфікат. У далейшым ён будзе выкарыстоўвацца для пацверджання любой транзакцыі, пры гэтым карыстальнікі могуць самі выбіраць, каму яны згодныя прад'яўляць такі сертыфікат, а ўсе асабістыя даныя будуць надзейна захаваныя.

Многія з магчымых сцэнарыяў прымянення блакчэйна пакуль існуюць толькі ў тэорыі. Дзеля таго, каб прымяніць іх на практыцы патрабуецца час – распрацоўка, тэсціраванне і патэнтаванне сістэм часам доўжацца вельмі доўга, а з моманту зараджэння тэхналогіі прайшло ўсяго 10 гадоў. Тым не менш, існуе нямала кейсаў, якія паспяхова рэалізавалі на практыцы.

Напрыклад, Нацыянальны банк Беларусі ў 2017 годзе запусціў "Рэестр банкаўскіх гарантый" на базе тэхналогіі блакчэйн. Дадзены рэестр змяшчае інфармацыю аб выдадзеных банкаўскіх гарантыях, а дзякуючы блакчэйну забяспечваецца поўная празрыстасць сістэмы, яе эфектыўнасць, а таксама добрасумленнасць банкаў і плацельшчыкаў.