Для таго, каб крэдыт стаў карысным фінансавым інструментам, а не крыніцай праблем, запазычанне павінна быць "разумным", або рацыянальным. Разбярэмся, што гэта азначае.

На сціхаюць спрэчкі аб карысці і шкодзе крэдытаў. Адны людзі ўпэўнены, што крэдыт, як і любы іншы доўг, – гэта адназначна дрэнна, бо грошы трэба вяртаць, ды яшчэ і з працэнтамі. Іншыя – што толькі дзякуючы запазычанням можна рэалізаваць амбіцыйныя мэты. Ёсць нямала людзей, якія ганарацца тым, што ніколі не бяруць крэдыты і ўмеюць жыць па сродках. А іншыя могуць ганарыцца пабудаваным з дапамогай крэдыту домам, тым, што ўмеюць кіраваць рызыкамі і  хутчэй пабудавать сваю фінансавую незалежнасць. Дык як жа ставіцца да крэдыту? Добры ён або дрэнны?

"Добры" крэдыт у фокусе не толькі мэта

Перш за ўсё трэба ўважліва прадумаць, ці патрэбен вам крэдыт наогул? Ці з'яўляецца мэта, на якую плануецца ўзяць крэдыт, сапраўды неадкладнай і абгрунтаванай.

Тут трэба дакладна вызначыць, чым з'яўляецца тое, на што вы хочаце ўзяць крэдыт – прадметам раскошы або "прыладай працы". У адрозненне ад "дрэнных", "добрыя" крэдыты працуюць на вашу карысць. Са знакам "плюс" будзе крэдыт на пакупку тэхнікі, якая вам патрэбна для заработку, напрыклад, камп’ютэра, інструментаў для разьбярства, швейнай машыны. Да такіх таксама адносяцца, напрыклад, крэдыты на вучобу, бо вы інвесціруеце ў атрыманне новых ведаў і ва ўласнае развіццё, што прынясе вам даход у будучыні.

"Добрым" лічыцца той крэдыт, які дазваляе атрымаць тое, чаго вы не зможаце дасягнуць іншым спосабам. Часам крэдыт – гэта адзіная магчымасць абзавесціся ўласным жыллём ці набыць аўтамабіль.

Аргументам "за" будзе і тое, калі вы адразу пачнеце карыстацца набытымі дабротамі. Напрыклад, пакупка кватэры ў крэдыт замест яе арэнды.

Таксама трэба памятаць, што "добры" крэдыт можа стаць "дрэнным", калі сітуацыя раптам зменіцца, напрыклад, вы страціце працу. Таму, каб звесці рызыку да мінімуму, трэба добра падумаць, наколькі стабільная ваша сітуацыя, упэўніцца, што ў вас ёсць рэзервовы фонд; прааналізаваць прапановы некалькіх банкаў і выбраць крэдыт, які адпавядае вашым патрэбам і варыянтам пагашэння.

"Дрэнны" крэдыт - жыццё не па сродках

"Дрэнныя" крэдыты пабольшваюць вашы выдаткі, але не павялічваюць актывы. Даступнасць пакупкі за кошт крэдыту можа справакаваць набыццё рэчаў, якія вам не па кішэні або ў якіх няма вострай неабходнасці. На змену кароткай радасці валодання нейкай рэччу нярэдка прыходзяць вялікія праблемы. Трэба заўсёды памятаць, што, карыстаючыся крэдытам, вы плаціце за пакупку больш. І чым даўжэй вы выплачваеце крэдыт, тым большыя будуць выдаткі. А гэта абмяжоўвае вашы фінансавыя магчымасці ў будучыні.

Галоўным чынам гэта адносіцца да крэдытаў на забавы, на вяселле, на адпачынак, на пакупку прадметаў інтэр'ера. Небяспечныя крэдыты часта з'яўляюцца вынікам ірацыянальных жаданняў – пахваліцца, выставіць сябе ў лепшым свеце.

Цэны на тэхніку рэгулярна паніжаюцца і прадаўцы жадаюць атрымаць грошы за яе як мага хутчэй, замест каб цярпець страты, калі тавар заляжыцца ў краме. Менавіта гэтая акалічнасць спарадзіла такую разнастайнасць крэдытных прапаноў на набыццё бытавой тэхнікі, у тым ліку электронікі. А між іншым вы, напэўна, без намаганняў здолелі б накапіць на гэтыя рэчы, правільна размеркаваўшы свой бюджэт.

Ні ў якім разе таксама нельга браць крэдыт для інвестыцыяў. Бо інвестыцыі – гэта рызыкоўная справа. Не выключана, што ўкладанне грошай не прынясе чаканага даходу, а крэдыт давядзецца аддаваць у любым выпадку.

Акрамя таго, варта адмовіцца ад ідэі ўзяць крэдыт па просьбе іншага чалавека, якому адмовілі ў банку. Сяброўства – гэта не гарантыя вяртання доўгу. І фінансава дапамагаць нават самым блізкім людзям варта так, каб не рызыкаваць.

Вельмі "дрэнным" доўгам будзе прыняцце прапаноў ад нелегальных крэдытораў аб атрыманні хуткіх грошай, размешчаных у Інтэрнэце або на аб'явах на слупах. Акрамя вельмі высокіх працэнтаў, якія давядзецца выплачваць, вы рызыкуеце страціць грошы, свае персанальныя даныя, а таксама сапсаваць нервы і здароўе.

У любым выпадку, нельга браць на сябе крэдытныя абавязацельствы, калі ў вас няма стабільных крыніц даходу або калі на меркаваны плацеж трэба будзе выдзяляць занадта значную частку вашага штомесячнага бюджэту.

Такім чынам, крэдыт – гэта эфектыўны інструмент, які дазваляе намнога хутчэй рэалізаваць пастаўленыя задачы. Але важна карыстацца крэдытнымі грашамі разумна, і ведаць – калі запазычанне карысна, а калі варта яго пазбягаць!