Нельга сказаць, што фальшываманецтва ў Беларусі квітнее, аднак рызыкі сутыкнуцца з фальшывымі грашыма ёсць. На што звярнуть увагу.

Паводле звестак Нацыянальнага банка, за 2021 год у краіне было выяўлена 820 фальшывак, у тым ліку 817 банкнот і 3 манеты. Як бачым, злачынцы часцей падрабляюць купюры, і гэта нядзіўна - у манет традыцыйна невялікі намінал, а таксама больш складаная тэхналогія вырабу, таму падрабляць іх нявыгадна.

У Беларусі часцей за ўсё сустракаюцца фальшывыя даляры ЗША - летась іх доля склала 54,3% ад агульнай колькасці выяўленых падробак. На другім месцы - расійскія рублі, 35,8%. Доля еўра склала 8,4%, беларускіх рублёў - усяго 1,1%.

Калі вы сумняваецеся ў сапраўднасці грошай, заўсёды можна аднесці іх у банк на праверку. Некаторыя аддзяленні аказваюць такія паслугі платна, некаторыя - не аказваюць зусім, таму загадзя звяжыцеся з банкам і ўдакладніце, ці можна там праверыць грошы на сапраўднасць. У банках ёсць спецыяльнае абсталяванне, якое дае магчымасць з высокай дакладнасцю вызначыць фальшывую купюру. Такое абсталяванне счытвае вадзяныя знакі, рэльефны друк і асаблівасці фарбы з дапамогай ультрафіялетавага дэтэктара, і верагоднасць памылкі ў гэтым выпадку імкнецца да нуля.

Зрэшты, маючы веды, вочы і рукі, праверыць купюры на сапраўднасць можна і самастойна. Такая праверка не дасць вам 100% гарантыі, але знізіць рызыку стаць уладальнікам фальшывай банкноты.

Як самастойна праверыць беларускія рублі

Уважліва разгледзьце банкноту. Пераканайцеся, што там ёсць вадзяны знак - невялікі малюнак фрагмента выявы з пярэдняга боку, яго відаць на прасвет. Цяпер звярніце ўвагу на цёмны прастакутнік справа таксама на пярэднім баку банкноты - там схаваныя літары "РБ", іх відаць, калі глядзець на купюру пад вуглом. Таксама на абодвух баках беларускіх купюр ёсць мікратэкст - словы «Беларусь», "НБРБ" і лічбы наміналу. Мікратэкст паўтараецца бесперапынна. Лепш за ўсё яго відаць пры павелічэнні, але і простым вокам ён таксама бачны. Акрамя таго, злева на пярэднім баку банкноты ёсць так званы элемент MASK – два малюнкі, выкананыя рознымі спосабамі друку. Верхняя выява ўяўляе сабой геаметрычны ўзор, яго відаць у адлюстраваным святле, а ніжняе - гэта намінал банкноты, які бачны на прасвет.

Пасля таго як вы ўважліва агледзелі купюру, надышоў час яе пакратаць. Тактыльна адчуваецца ахоўная нітка – металічная палоска, якая з прамежкамі выходзіць на паверхню (разглядзець яе цалкам можна на прасвет), металаграфічны друк (многія элементы на пярэднім баку маюць тоўсты пласт фарбы) і пазнака для людзей з аслабленым зрокам (простая геаметрычная фігура на адным баку , якую лёгка знайсці і апазнаць з дапамогай пальцаў).

У Беларусі ў звароце знаходзіцца сем наміналаў купюр - 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў. У кожнай банкноты свае асаблівасці, таму, каб не сумнявацца, варта карыстацца каталогам на сайце Нацыянальнага банка https://www.nbrb.by/coinsbanknotes/banknotes Там падрабязна апісаны ўсе прыкметы сапраўднасці для беларускіх грошай.

Як самастойна праверыць даляры

Спачатку зрабіце візуальны агляд. На прасвет павінен быць бачны партрэт прэзідэнта - той жа, які намаляваны на пярэднім баку банкноты, а таксама ахоўная нітка. Звярніце ўвагу на тэкстуру паперы - пры блізкім разглядзе там можна ўбачыць чырвоныя і сінія дробныя часціцы, спецыяльныя валокны, як бы ўбудаваныя ў саму паперу. Калі намінал купюры 10 долараў і вышэй, то лічба наміналу на адным баку будзе надрукавана спецыяльнай фарбай, якая мяняе колер пад рознымі вугламі. Таксама прыгледзьцеся да якасці ўсіх малюнкаў у цэлым. Калі фарба выцвіла, расцяклася - перад вамі фальшыўка.

Пасля памацайце банкноту. Друк на далярах шчыльны, многія элементы адчуваюцца пальцамі. Папера выраблена з лёну і бавоўны, у яе спецыфічная тэкстура. Адзенне прэзідэнта будзе рэльефным - лічыцца, што менавіта гэтую частку ашуканцам атрымоўваецца падрабіць вельмі рэдка.

Дадаткова можна скарыстацца дадаткам «Памочнік праверкі даляра», які праверыць серыйны нумар банкноты. Калі ён несапраўдны - дадатак гэта выявіць. Але такая праверка не з'яўляецца панацэяй, ашуканцы могуць нанесці на фальшывыя грошы рэальныя серыйныя нумары.

Як самастойна праверыць еўра

Як і практычна любыя грашовыя банкноты, купюры эўра маюць вадзяныя знакі. На прасвет бачная ахоўная паласа, а таксама намінал банкноты і выява багіні Еўропы. Таксама на купюрах ёсць галаграма - намінал банкноты пад вуглом змяняецца на малюнак акна або дзверы. У дробнай мазаіцы схаваны мікратэкст - элементы лічбаў і надпісы.

Навобмацак банкноты еўра цвёрдыя і хрумсткія – усё дзякуючы адмысловай паперы, вырабленай з бавоўны. Адваротны бок банкноты шурпаты, а пярэдні адчуваецца гладкім і глянцавым. Друк добра адчуваецца пальцамі - гэта тычыцца ўсіх асноўных элементаў, уключаючы малюнкі, намінал і галаграмы.

Што рабіць, калі вы западозрылі фальшыўку?

Варта звярнуцца ў банк, каб пацвердзіць ці абвергнуць свае падазрэнні. Калі банкнота сапраўды падробленая, банк вам яе не верне. Яна будзе канфіскаваная, а ўзамен вы атрымаеце афіцыйнае заключэнне. Акрамя таго, банк будзе абавязаны звярнуцца ў міліцыю. Будзьце гатовыя адказаць на пытанні аб тым, як да вас у рукі патрапілі фальшывыя грошы. Калі вашай віны ў здарэнні няма, то адказнасць вам не пагражае. А вось калі вы паспрабуеце расплаціцца фальшывай банкнотай - гэта можа пацягнуць за сабой крымінальную адказнасць.

Будзьце ўважлівымі і не парушайце закон!