Раней, каб аплаціць камунальныя паслугі, трэба было ісці з папяровай квітанцыяй у банк або на пошту і чакаць у чарзе, а каб набыць квіток на цягнік, яны ехалі на вакзал, дзе, адстаяўшы чаргу, маглі даведацца, што квіткоў на патрэбную дату ўжо няма ...

Сёння мы можам аплаціць тавар ці паслугу, не выходзячы з хаты, у любы час сутак. Інтэрнэт- і мабільны банкінг – гэта тэхналогіі, якія дазваляюць кліенту атрымаць доступ да сваіх рахункаў і выконваць аперацыі з імі дыстанцыйна ў любы час, з любой прылады, якая мае доступ у інтэрнэт (у выпадку інтэрнэт-банкінгу для выканання аперацый выкарыстоўваецца спецыяльны інтэрнэт-сайт, для смартфонаў і планшэтаў – мабільнае прыкладанне).

Але і тут трэба не забываць пра бяспеку, таму што злачынцы не дрэмлюць, і вельмі жадаюць палепшыць сваё фінансавае становішча. Дзе нас могуць падмануць? Напрыклад, на фішынгавым (падробленым) сайце! Зламыснікі могуць стварыць падробку сайта, вельмі падобную на афіцыйны сайт, а яго URL-адрас можа адрознівацца ўсяго на адну літару або лічбу, напрыклад, для www.aliexpress.ru - www.a1iexpres.ru. І чалавек, нічога не падазраючы, увядзе свае дадзеныя на такім сайце, а злачынцы атрымаюць іх. Нездарма «фішынг» у перакладзе з англійскай мовы значыць «рыбалка». Так рыбакі-злачынцы ловяць на сваю вуду няўважлівых і даверлівых карыстальнікаў.

Асобнае патрабаванне да пароляў. Пароль для ўваходу ў аплатныя сэрвісы павінен быць надзейным. Нельга выкарыстоўваць у якасці пароля асабістыя дадзеныя, якія ёсць у любой сацыяльнай сетцы: напрыклад, сваё імя і прозвішча, дату свайго нараджэння, клічкі жывёл і г.д. Для розных акаўнтаў павінны быць розныя паролі. І іх трэба перыядычна мяняць.

Як і ў выпадку з картай, нельга паведамляць староннім ніякую інфармацыю, што датычыцца вашай работы з плацежнымі сэрвісамі – лагін, пароль, сэансавы ключ, асабістыя даныя.

Быць асцярожным неабходна і пры падключэнні да бясплатнага wi-fi. Калі ты выкарыстоўваеш бясплатную сетку wi-fi, уладальніка якой ты не ведаеш, ты рызыкуеш тым, што староннія людзі змогуць сачыць за тваімі дзеяннямі ў сетцы і перахопліваць тваю асабістую інфармацыю.