Банкаўскі ўклад – не толькі прэстыжна, але і выгадна. Па-першае, вашы грошы знаходзяцца ў надзейным месцы, бо захаванасць укладаў гарантуецца не толькі банкам, але і дзяржавай. Па-другое, вы атрымліваеце даход ад таго, што даверылі свае зберажэнні банку – вам налічваецца працэнт. Таму адказ на пытанне, навошта патрэбны ўклад, – просты: вашы зберажэнні працуюць, вы спакойныя за іх захаванасць.

Уклады часта называюць дэпазітамі. Строга кажучы, уклад і дэпазіт – розныя рэчы. Паняцце дэпазіт шырэй – гэта любыя каштоўнасці, якія вы перадаяце на захоўванне, а не толькі грошы. Уклад жа мае на ўвазе менавіта грашовае ўкладанне. Пры гэтым уклад можна таксама назваць дэпазітам.

Што трэба ведаць

У Беларусі ўкладчыкам можа стаць грамадзянін, які дасягнуў 14-гадовага ўзросту. Каб адкрыць уклад (дэпазіт) у банку, трэба вывучыць, якія ўмовы прапануюць банкі. Калі вы мяркуеце, што грошы могуць вам спатрэбіцца ў бліжэйшы час, не варта выбіраць безадзыўны дэпазіт. Бо яго можна вярнуць толькі пасля заканчэння тэрміну, на які вы даверылі банку грошы.

Калі хочаце, каб вашы грошы заўсёды былі «пад рукой», адкрыйце адзыўны ўклад у тым банку, дзе ўмовы больш выгадныя або куды вам зручна схадзіць або з'ездзіць. Але майце на ўвазе: стаўкі працэнтаў па такім укладзе будуць ніжэйшыя.

Безадзыўны ўклад адкрываецца на працяглы тэрмін, і працэнты па ім больш прывабныя. Але, як правіла, у гэтым выпадку вы не можаце зняць грошы да заканчэння тэрміну дзеяння дэпазітнага дагавора. У рэдкіх выпадках банк можа разгледзець вашу заяўку, пайсці насустрач з улікам вашых жыццёвых абставін і заўчасна выдаць уклад. Але тады вы страціце частку даходаў ад налічаных працэнтаў.

Таму, для таго каб выбраць уклад, які вам падыходзіць, трэба вырашыць, што для вас важней – атрымаць большы прыбытак ці мець магчымасць забраць грошы ў любы момант. Відавочна, што калі вашым матывам з'яўляецца жаданне зарабіць або назапасіць суму на нейкую пакупку ў будучыні, то трэба адкрываць безадзыўны дэпазіт. Калі ж гаворка ідзе аб захаванасці грошай і магчымасці імі бесперашкодна распараджацца, то тады адкрываем адзыўны дэпазіт.

Як гэта працуе

Цяпер вы ведаеце, які менавіта ўклад хочаце адкрыць – адзыўны або безадзыўны. Як гэта зрабіць не выходзячы з дому? Калі ў вас ужо ёсць плацежная карта банка або разліковы рахунак, вы можаце адкрыць уклад праз мабільны дадатак або інтэрнэт-банк вашага банка. Калі ж вам больш спадабаліся ўмовы дэпазіту ў іншым банку, адкрыйце рахунак там.

Сёння даступна і дыстанцыйнае адкрыццё простага разліковага рахунку. Для гэтага не абавязкова ісці ў банк. Даныя грамадзян Рэспублікі Беларусь, каторыя хаця б раз адкрывалі рахунак у любым беларускім банку, уносяцца ў Міжбанкаўскую сістэму ідэнтыфікацыі (МСІ). З яе дапамогай банкі атрымліваюць неабходную інфармацыю для адкрыцця вашага рахунку. Такім чынам, вы можаце адкрыць дэпазіт, не выходзячы з дому, з дапамогай сучасных тэхналогій.

Інтэрнэт-уклады – гэта зручнае рашэнне для тых, у каго няма часу на наведванне аддзялення банка. Сёння найбольш папулярныя ўклады – гэта дэпазіты ў беларускіх рублях. У параўнанні з іншымі валютамі для іх характэрныя найбольш прывабныя працэнтныя стаўкі, якія дазваляюць атрымаць большы даход.