Больш за 32 тысячы беларускіх старшакласнікаў праверылі свае фінансавыя веды ў ходзе першага этапу рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці, якую штогод праводзяць Нацыянальны банк і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Да першага этапу алімпіяды далучыліся больш за 2300 школ, або тры чвэрці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія дзейнічаюць у Беларусі.

Алімпіядныя заданні накіраваны на праверку ведаў па тэмах, без якіх немагчымы практычныя фінансавыя паводзіны ў сучасным грамадстве, – зберажэнні, безнаяўныя плацяжы і лічбавы банкінг, страхаванне, падаткі, інвестыцыі, наяўныя грошы, крэдытаванне і іншыя віды запазычанняў.

Другі і трэці рэгіянальныя этапы рэспубліканскай алімпіяды адбудуцца 20 кастрычніка і 17 лістапада 2017 года. Заключны этап алімпіяды пройдзе ў Мінску ў Нацыянальным банку 15 снежня 2017 года. Па традыцыі з фіналістамі сустрэнуцца прадстаўнікі кіраўніцтва Нацыянальнага банка і Міністэрства адукацыі. Пераможцам алімпіяды будуць уручаны граматы і каштоўныя падарункі.

Рэспубліканская алімпіяда па фінансавай граматнасці сярод навучэнцаў X–XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі праходзіць у Беларусі з 2014 года і з'яўляецца адным з найбольш маштабных нацыянальных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай граматнасці. Нацыянальны банк распрацаваў метадычныя рэкамендацыі па падрыхтоўцы да алімпіяды.