Дзякуючы сумесным дзеянням мноства арганізацый, якія былі задзейнічаныя ў праграме павышэння фінансавай граматнасці насельніцтва, большасць беларусаў схіляецца да таго, каб на пытанне касіра: "Аплачваеце наяўнымі або карткай?" – абраць другі варыянт.

Сацыяльны праект "Плацім безнаяўна" ў падтрымку дзяржаўнай праграмы павышэння фінансавай граматнасці насельніцтва

У чэрвені 2014 года ў рамках фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі ADNAK пры падтрымцы плацёжнай сістэмы БЕЛКАРТ быў праведзены воркшоп, мэтай якога з’яўлялася папулярызацыя безнаяўных плацяжоў. На працягу двух дзён дызайнеры, стратэгі, маркетолагі з розных кампаній і сфер дзейнасці пад кіраўніцтвам знакамітых майстроў рэкламнай справы працавалі над крэатыўнымі канцэпцыямі, якія б адлюстроўвалі сутнасць і асноўную ідэю конкурснага этапу: стварэнне такога паслання, якое натхніла б чалавека здзяйсняць безнаяўныя плацяжы і максімальна выкарыстоўваць сучасныя магчымасці банкаўскай сістэмы.
Паводле ацэнак кампетэнтнага журы, пераможцам стала праца "Разлічвайцеся карткай, каб паспець больш!".

Асноўнай ідэяй з'яўляецца магчымасць атрымаць дадатковыя выгады, зэканоміць свой час пры ажыццяўленні безнаяўных плацяжоў або пры выкарыстанні пластыкавай карткі ў параўнанні з наяўнымі разлікамі.

Што павінен паспець зрабіць у сваім жыцці кожны чалавек? Пасадзіць дрэва, пабудаваць дом, вырасціць сына. Аплата карткай спрашчае штодзённыя разлікі, а значыць, эканоміць час і вызваляе яго для момантаў, якія і робяць жыццё сапраўдным!

Развіццё праекта "Плацім безнаяўна"

Канцэпцыя творчай групы была не толькі прызнана лепшай у рамках фестывалю, але і атрымала падтрымку Нацыянальнага банка, які выступіў рэкламадаўцам, а таксама адобрана Міністэрствам гандлю. Праект атрымаў статус сацыяльнага і права размяшчэння на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Стваральнікі праекта Кацярына Калюга, Вікторыя Яфімава, Элеанора Калініна і Аляксей Шклянко шчыра спадзяюцца на садзейнічанне ў рэалізацыі сваёй ініцыятывы. Бо развіццё фінансавай адукаванасці – той аспект, які дапамагае кожнаму зрабіць сваё жыццё больш простым і прыемным. А ці не гэта ёсць адной з мэтаў развітога грамадства!

Для даведкі: перавагі выкарыстання пластыкавых картак

  • Кожны чалавек можа выбіраць – банк, банкаўскі прадукт, плацежную  сістэму, валюту ўкладу і ўмовы.

  •  Асноўныя перавагі картак – гэта бяспека, хуткасць, мабільнасць і магчымасць назапашвання.

  • Сучасныя магчымасці інфраструктуры дазваляюць аплачваць пакупкі, паслугі, папаўняць рахункі, браніраваць і здзяйсняць пераводы безнаяўным шляхам практычна ў любым пункце Беларусі.

  • У краіне ўсталявана 3670 інфакіёскаў, 4362 банкаматы, 64 764 арганізацыі гандлю і сэрвісу абсталяваныя 91 784 аплатнымі тэрміналамі.

  • Існуе шырокае разгалінаванне каналаў для безнаяўных плацяжоў і актыўна развіваюцца новыя: акрамя звыклых аплат карткай у краме, розных плацяжоў праз інтэрнэт-банкінг, вывучаюцца магчымасці ўкаранення інавацыйных тэхналогій біяметрыі, актыўна ўкараняюцца мабільныя POS-тэрміналы для аплаты ў таксі, кіёсках, службах дастаўкі і г.д.

  • Доля безнаяўных аперацый (разлiкаў, пераводаў) у агульнай структуры аперацый па картках у беларускіх рублях за 2014 год склала 72% (у колькасным выражэнні), што гаворыць аб тым, што беларусы актыўна выкарыстоўваюць магчымасці безнаяўных плацяжоў, аднак робяць гэта на дробныя сумы (працэнт у сумарным выражэнні толькі 25,9%).