Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь аб'яўляе аб правядзенні конкурсу відэаблогераў "Грошы маюць значэнне".

Конкурс відэаблогераў "Грошы маюць значэнне" прымеркаваны да правядзення ў Рэспубліцы Беларусь Тыдня фінансавай граматнасці дзяцей і моладзі (Global Money Week), які сёлета пройдзе з 25 па 31 сакавіка.

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна зняць відэаролік працягласцю не больш за 3 хвіліны, у якім будзе раскрыта адна або некалькі тэм, што тычацца грошай, інфляцыі, цэнавай стабільнасці.

Заяўку на ўдзел у конкурсе, а таксама сваю конкурсную работу (спасылку на відэаролік альбо сам відэаролік) неабходна да 15 сакавіка 2019 года накіраваць на электронны адрас konkurs@nbrb.by з пазнакай "Грошы маюць значэнне".

Вынікі конкурсу будуць аб'яўлены не пазней за 31 сакавіка 2019 года.

Конкурс праводзіцца ў трох узроставых катэгорыях: ад 7 гадоў да 12 гадоў, ад 13 гадоў да 17 гадоў, ад 18 гадоў да 31 года. У ім могуць прыняць удзел (як індывідуальна, так і ў складзе калектываў) грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.

Галоўны прыз у кожнай узроставай катэгорыі – грашовая прэмія ў памеры 1 000 беларускіх рублёў. Таксама грашовымі прэміямі ў кожнай з узроставых катэгорый будуць адзначаны работы, якія зоймуць другое і трэцяе месца, – 700 і 500 беларускіх рублёў адпаведна. Акрамя таго, журы конкурсу мае права ўвесці дадатковыя прызы ў асобных намінацыях.

Падрабязная інфармацыя аб тым, што павiнна быць у конкурснай рабоце, а таксама іншая карысная інфармацыя па гэтаму пытанню размешчана ў раздзеле "Конкурсы".

Падобны конкурс відэаблогераў быў праведзены ў 2018 годзе. І меў вялікую папулярнасць сярод моладзі. Усяго на яго было прадстаўлена больш за 260 работ з усіх рэгіёнаў Беларусі.