Пераможцы штогадовай рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі вызначаны па выніках яе фінальнага этапу, які адбыўся 18 снежня 2020 года.

Ва ўмовах неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі арганізацыйным камітэтам алімпіяды было прынята рашэнне правесці заключны этап у дыстанцыйным фармаце з дапамогай сістэмы дыстанцыйнага навучання і тэсціравання MOODLE. Для арганізацыі гэтага этапу Міністэрствам адукацыі была прапанавана пляцоўка ДУА "Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі".

У фінале алімпіяды першае месца заняў Шмыдрын Вадзім (Віцебскае кадэцкае вучылішча). Пераможца атрымае дыплом I ступені і грашовы прыз у памеры 1 000 беларускіх рублёў. Дыплом II ступені і грашовы прыз у памеры 900 беларускіх рублёў у Мартынюка Міхаіла (сярэдняя школа № 1 г. Ляхавічы, Брэсцкая вобл.), дыплом III ступені і грашовы прыз у памеры 800 беларускіх рублёў у Гізоўскага Мікіты (Вейнянская сярэдняя школа, Магілёўскі раён).

Алімпіяда праходзіла ў верасні – снежні бягучага года. У чатырох этапах свае фінансавыя веды праверылі больш за 20 тыс. навучэнцаў 10–11-х класаў з 2 047 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўсіх рэгіёнаў краіны.

Алімпіяда праводзіцца Нацыянальным банкам і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь штогод з 2014 года і з'яўляецца адным з найбольш маштабных нацыянальных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай граматнасці. Асноўная яе мэта – папулярызацыя ведаў у галіне фінансаў, фарміраванне ў навучэнцаў практычных навыкаў выкарыстання фінансавых інструментаў, развіццё фінансавай культуры моладзі.

Алімпіядныя заданні накіраваны на праверку ведаў па тэмах, без якіх немагчымы разумныя фінансавыя паводзіны ў сучасным грамадстве, – асабістыя фінансы, наяўныя грошы, зберажэнні, запазычанні, лічбавы банкінг, страхаванне, падаткі, інвестыцыі і інш. У тэсты таксама ўключаны задачы на разлікі і вылічэнні, якія тычацца фінансаў.