Аблігацыя – гэта каштоўная папера, якая дае трымальніку права ў вызначаны тэрмін атрымаць ад эмітэнта аблігацыі яе намінальны кошт, а таксама ў некаторых выпадках дадатковы працэнтны даход.
Гучыць злёгку мудрагеліста, але сутнасць простая. Кожная аблігацыя мае намінальную цану – яна можа быць любой, хоць 100 рублёў, хоць 500 долараў. Звычайна інвестар купляе аблігацыю па цане, роўнай наміналу ці крыху менш за намінал. А калі падыходзіць тэрмін пагашэння аблігацыі – яе эмітэнт (гэта значыць той, хто выпусціў аблігацыю) вяртае пакупніку намінальны кошт у поўным аб'ёме і некаторы дадатковы даход.
Як зарабляць на аблігацыях
Даход па аблігацыях можа фармiравацца двума спосабамі ў залежнасці ад таго, якую паперу вы купляеце – дысконтную або купонную:
Даход па дысконтных аблігацыях фарміруецца за кошт дысконту або, прасцей кажучы, зніжкі – эмітэнт прадае дысконтныя аблігацыі па цане ніжэй за намінал. Напрыклад, аблігацыя з наміналам 100 рублёў можа быць прададзеная за 95 рублёў. Калі наступіць тэрмін пагашэння – эмітэнт будзе абавязаны вярнуць поўны намінальны кошт, гэта значыць 100 рублёў. З гэтага вынікае, што інвестар заробіць 5 рублёў.
Даход па купонных аблігацыях фарміруецца за кошт купона або, іншымі словамі, загадзя ўсталяванай працэнтнай стаўкі. Тут можна правесці паралелі з банкаўскімі дэпазітамі, па якіх у дагавовы заўсёды прапісваецца стаўка даходу – напрыклад, 2% гадавых або 7% гадавых. Менавіта так працуе і стаўка купону па аблігацыях.
Эмітэнты аблігацый
У Беларусі выпускам аблігацый займаюцца наступныя суб'екты:
Дзяржаўныя органы. Напрыклад, Міністэрства фінансаў або Нацыянальны банк.
Банк.
Дзяржаўныя і прыватныя кампаніі.
Пры выбары эмітэнта аблігацыі варта звяртаць увагу на рызыкі. Нягледзячы на тое, што памер дысконту або стаўка купона загадзя вядомыя інвестару і атрыманне прыбытку выглядае гарантаваным, з вяртаннем укладзеных грошай могуць узнікнуць праблемы, калі эмітэнт аблігацыі збанкрутуецца. У выпадку дзяржаўных папер, выпушчаных, напрыклад, Мінфінам, такое выключана, а вось калі аблігацыю выпускае прыватная кампанія, трэба быць уважлівым – рызыкі тут вышэйшыя.
Розніца ва ўзроўні рызыкі кампенсуецца прыбытковасцю – у большасці выпадкаў даходнасць па аблігацыях прыватных кампаній вышэй, чым па дзяржаўных паперах.
Даўгавы рынак
Аблігацыя – гэта даўгавая каштоўная папера. Яна называецца так таму, што для эмітэнта выпуск аблігацый – гэта спосаб узяць грошы ў доўг. Кампанія можа выбіраць сама: узяць крэдыт або выпусціць аблігацыі, і такім чынам прыцягнуць неабходнае фінансаванне. Таму рынак, дзе адбываецца абарачэнне аблігацый, называецца даўгавым.
Рынак аблігацый у Беларусі – гэта самы развіты сегмент рынку каштоўных папер. Па статыстыцы, каля 98% усіх здзелак з каштоўнымі паперамі ажыццяўляецца менавіта з аблігацыямі. У наяўнасці маецца шырокі асартымент аблігацый для фізічных асоб ад розных эмітэнтаў. Для таго, каб купіць аблігацыі, трэба звярнуцца да пасярэдніка – ім можа быць банк або брокер, які мае спецыяльны дазвол (ліцэнзію).