Біржа – гэта пляцоўка для заключэння фінансавых здзелак. Яна арганізуе гандаль валютамі, каштоўнымі паперамі і металамі, а таксама іншымі актывамі. І дапамагае прадаўцам і пакупнікам гэтых актываў гандляваць паміж сабой.

Раней біржы ўяўлялі сабой канкрэтнае месца. Напрыклад, будынак або гарадскую плошчу, куды людзі прыходзілі асабіста і вусна абмяркоўвалі здзелкі. З развіццём лічбавых тэхналогій фармат гандлю змяніўся, усё адбываецца ў рэжыме анлайн, здзелкі фіксуюцца выдалена праз Інтэрнэт, ды і самі біржы зараз часам не маюць фізічнага аблічча, існуючы толькі ў электронным фармаце.

У сучасным свеце біржы выконваюць мноства важных функцый: арганізацыя біржавых таргоў, устанаўленне катыровак актываў, распрацоўка тыпавых кантрактаў, прадастаўленне гарантый удзельнікам таргоў, урэгуляванне спрэчак і інш.

У залежнасці ад тыпу актываў, якія прадаюцца і купляюцца на біржы, адрозніваюць валютныя, фондавыя, таварныя, ф'ючэрсныя і іншыя біржы. Але існуюць і ўніверсальныя пляцоўкі, на базе якіх адбываюцца здзелкі з самымі рознымі фінансавымі інструментамі. Менавіта такой – універсальнай – і з'яўляецца Беларуская валютна-фондавая біржа (БВФБ).

БВФБ створана ў 1993 годзе і з тых часоў абслугоўвае ўсе асноўныя сегменты фінансавага рынку Беларусі – валютны, фондавы, тэрміновы і грашовы рынкі.

Фінансавыя рынкі Беларусі

Кожны будні дзень на базе БВФБ праводзяцца таргі замежнымі валютамі, удзел у якіх могуць прымаць банкі на чале з Нацыянальным банкам і некаторыя іншыя арганізацыі. У залежнасці ад таго, які попыт і прапанова той ці іншай валюты былі зафіксаваны ў дзень таргоў, ўсталёўваюцца курсы замежных валют. Імі потым карыстаецца ўся краіна. Дзякуючы валютным таргам на біржы банкі могуць лёгка ажыццявіць неабходныя валютна-абменныя аперацыі, каб у поўным аб'ёме выконваць абавязацельствы перад сваімі кліентамі.

На фондавым рынку БВФБ арганізуе таргі каштоўнымі паперамі. Напрыклад, акцыямі. Калі пэўнае беларускае прадпрыемства хоча прадаць свае акцыі, яно можа размясціць іх на БВФБ і там знайсці пакупнікоў – юрыдычных або фізічных асоб. У залежнасці ад попыту фарміруюцца каціроўкі гэтых акцый. Другі тып каштоўных папер, папулярных на БВФБ – аблігацыі. Іх могуць прадаваць банкі, кампаніі і нават дзяржава. Пакупнікамі таксама выступаюць юрыдычныя і фізічныя асобы. Дзякуючы біржам можа існаваць другасны рынак каштоўных папер. На ім гандлююцца акцыі або аблігацыі, якія раней былі набыты прыватнай асобай або арганізацыяй.

Тэрміновы рынак – гэта рынак здзелак з ф'ючэрснымі кантрактамі. Гэта найбольш складаны сегмент фінансавага рынку, які не карыстаецца ў Беларусі вялікай папулярнасцю. Ф'ючэрсныя кантракты дазваляюць мінімізіраваць рызыкі, звязаныя з рэзкім змяненнем катыровак. Напрыклад, курсаў валют. Ф'ючэрс – своеасаблівы "дагавор на будучыню", пагадненне, якое дазваляе ў перспектыве набыць неабходны актыў па загадзя абумоўленаму і зафіксаванаму кошту. Акрамя аховы ад рызык, ф'ючэрсы дазваляюць зарабляць на ваганнях катыровак.

Грашовы рынак – месца, дзе кампаніі могуць размясціць свае свабодныя сродкі ў банкаўскія дэпазіты, абраўшы самы выгадны варыянт.

Біржа - "сэрца" фінансавага рынку любой краіны. Яна пампуе "кроў" – грошы – паміж рознымі арганізацыямі і сегментамі фінансавага рынку. Гэта найважнейшая функцыя, якая забяспечвае жыццядзейнасць не толькі ўдзельнікаў таргоў, але і ўсёй эканомікі.